«БЕЛАРУ́СКАЯ ХА́ТКА» ў Мінску, клуб бел. мастацкай інтэлігенцыі, які ў 1916—20 праводзіў культ.-асв. работу, прапагандаваў бел. тэатр. і муз. мастацтва, садзейнічаў стварэнню бел. дзярж. т-ра. Напачатку ў «Беларускай хатцы» наладжваліся вечарынкі (удзельнічалі У.Галубок, М.Багдановіч, З.Верас, У.Фальскі і інш.), на якіх чыталі творы бел. пісьменнікаў, спяваў хор. Потым тут працавалі Першае таварыства беларускай драмы і камедыі, тэатр. трупа пад кіраўніцтвам Ф.Аляхновіча, Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва, Драматычная секцыя Беларускай вучнёўскай грамады і інш. Дзейнасць клуба асвятлялася ў перыяд. друку (газ. «Вольная Беларусь», «Беларусь»). Спроба адрадзіць культ.-асв. дзейнасць клуба ў 1921 не падтрымана афіц. ўладамі.

Літ.:

Рамановіч Я. «Беларуская хатка» // Горад і годы. Мн., 1967.

Ю.Р.Васілеўскі.

т. 2, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)